Адгукніцеся, ЦЯЛЬЦЫ! |
Неба, Замля і Чалавек – тры загадкі сусвету. Над разгадкамі іх тайнаў ламае мазгі вучоны люд ва ўсе часы і стагоддзі. Так было далёка да нашай эры. Так ёсць і цяпер, калі адкрыты дзверы ў космас, калі расчэплены атам, калі інтэрнэтаўская павуціна абпляла далёкія і блізкія краіны. Мяне ж, палешука, шоўкаўскага лапташа, здаўна займае асабістая тайна. Хачу ведаць свае глыбокія, радаводныя карані. Пра гэта мае кнігі: “Я. праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, “Мама. Малітва сына”, “Бацька. Пісьмы сына”, “Мы. Аповесць пра нашы прозвішчы”. Удалося адкапаць у архівах, у рэдкіх, старажытных кнігах сваё трынаццатае радаводнае калена. Адшукаў дваранскі герб маіх непісьменных бацькоў. Сустрэў Ліпскіх у многіх краінах свету, амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. І адчуваю сябе багатым на радню. Як вядома ў Сонечнай сістэме, апроч планет ёсць дванаццаць сузор’еў на некага ці нешта падобных. Сярод іх – Цялец, нябесны бык. Кожны задыяк валодае сусветам 2160 гадоў. У эру Цяльца з’явілася шумерская цывілізацыя. Гэта народнасць жыла на тэрыторыі сучаснага Ірака чатыры тысячы гадоў да нашай эры. Яшчэ тады шумеры даведаліся пра ўсе планеты Сонечнай сістэмы. Верылі, што ёсць невядомая планета, з якой прылятаюць на Зямлю самі Богі. Цяпер мы называем іх іншапланецянамі. Шумеры пакінулі чалавецтву ў спадчыну свой клінапісны твор – “Міф тварэння”. Яны ўмелі будаваць гарады і валодалі ведамі зямной і нябеснай цывілізацыі... У далёкую эру Цяльцоў, верыцца, зарадзіліся людзі, якія далі генетычны код сваім нашчадкам – сучасным людзям-цяльцам, якія нараджаюцца ў перыяд з 21 красавіка па 21 мая. От жа цікава, хто гэтыя людзі, дзе яны жывуць у нашай Беларусі, і у іншых краінах? Я сам Цялец, здаецца, тое-сёе ведаю пра гэтых людзей, але не так аб’ёмна і глыбока, каб апісаць агульны вобраз Цяльца. Таму і звяртаюся да ўсіх людзей, якія нарадзіліся пад гэтым зорным знакам, каб адгукнуліся на той покліч. Паведаміце свой адрас, апішыце, які вы Цялец у жыцці, працы, сям’і, каханні? Чым вы адметны сярод іншых людзей (знешне, характарам)? Па сакрэту ўсяму свету аб’яўляю: пішу кнігу “Цялец”, мару арганізаваць сустрэчу цяльцоў у самай прэстыжнай зале Мінска, хачу ўгаварыць наша тэлебачанне правесці цыкл перадач з людзьмі, аб’яднанымі адным нябесным знакам задыяка. Адгукніцеся, Цяльцы! Давайце параднімся. А можа, адкрыем свету новыя імёны, пэўныя тайны нашага зямнога радаводу, нашага чалавечага брацтва?
Уладзімір Ліпскі |