Дзесяць пажаданняў дзецям |
1. Шчасце — гэта ўмець радавацца таму, што ты жывеш, дыхаеш, і пры гэтым адчуць, што ты патрэбен камусьці. Будзьце шчаслівымі! 2. Жыццё — гэта Божы дар. Жыццё — гэта свята! Хай кожны ваш дзень будзе святам! 3. Я плюс Я — сям’я. Знайдзіце сваё Я ў жыцці, абавязкова сустрэньце другое Я, адзінае і непаўторнае, і стварыце моцную сям’ю. 4. Падкажыце дарослым, навучыце іх спазнаць вялікую мудрасць: Дзецям трэба даць “даспець” у дзяцінстве. 5. Расціце, сябры, так, каб пра вас сказалі: “Добры чалавек!” 6. Жывіце прыгожы Сёння, тады вы з прыемнасцю ўспомніце дзень Учарашні, тады з радасцю сустрэнеце дзень Заўтрашні. 7. Запомніце, радасць вось у чым: калі вочы не стамляюцца ад прыгажосці; калі цэніш тое, што ёсць і што маеш; калі не спатыкаешся на роўнядзі; калі табе хораша пад дажджом; калі не стамляешмя рабіць дабро; калі ёсць хлеб і да хлеба, і ты ўсё гэта зарабіў сам. 8. Давайце, сябры, жыць весела і дружна, з літасцю і любасцю адзін да аднаго, бо за пусты смех і пустую жытку давядзецца лізаць вогненную патэльню на тым свеце. 9. Верныя сябры — жыццёвы скарб кожнага чалавека. Хай жа гэты скарб не абмінае вашу долю. 10. Кожны дзень паўтарайце маю малітву: Дай, Божа, даваць, а не прасіць; Дай, Божа, заўсёды смяяцца і ніколі не плакаць; Дай, Божа, з радасцю вучыцца і працаваць і дома начаваць; Дай, Божа, разам двое: і шчасце, і здароеў; Дай, Божа, усё ўмець, а не ўсё рабіць; Дай, Божа, на жыццё, на быццё і на доўгі век. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь.
Уладзімір Ліпскі |