Калегі, сябры пра Ліпскага Печать

Іван Шамякін, народны пісьменнік Беларусі:

–Я люблю цябе, мой дружа, ганаруся тваімі поспехамі. Сумна, што часам тыя, хто кіруе культурай, не заўважаюць, хто ззяе ў ёй зоркай першай велічыні. Ты такая зорка. Твая кніга “Мама. Малітва сына” можа стаць побач з узорамі сусветнай паэзіі. Менавіта не прозы – высокай паэзіі. Я чытаю яе і плачу. Не таму, што пад старасць стаў сентыментальным. Ад вялікай праўды жыцця.


Васіль Вітка, класік дзіцячай літаратуры, творчасць якого адзначана  Ганаровым дыпломам Ганса Крысціяна Андэрсана:

– Па службе, па служэнні дзецям мы равеснікі. Перад дзецьмі, нашымі чытачамі, мы – раўня. Што такое для Ліпскага кнігі для дзяцей, што такое для яго “Вясёлка”? Гэта і ёсць сама работа і самаадданае служэнне не ўвогуле маленству, а рэальным сучасным дзецям.

 

Маргарыта Яфімава, кандыдат педагагічных навук, аўтар-укладальнік кнігі пра Ул. Ліпскага “Не ывыжываю, а жыву”:

–Любоў да жыцця, уменне даражыць кожным днём, сустракаць яго, як свята, Уладзімір Ліпскі нясе праз гады. “Што раблю? – Жыццё люблю!” – шчыра, з маладым запалам піша ён. І маладосць сапраўды з ім. Пісьменнік  у віры жыцця.


Віктар Казько, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

–Уладзімір Ліпскі прысвяціў сваё жыццё дзецям. Ён любіць іх, любіць часам мо і празмерна. І гэта замілаванасць дзецьмі вяртаецца да іх яго кніжкамі – Рыгоркавымі прыгодамі, Марынчынымі казкамі ды Каралевай белых прынцэс.


Анатоль Вярцінскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

–Прачытаў кнігу Уладзіміра Ліпскага “Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод”. Цікавае, хоць і няпростае чытанне, – і ў сваю чаргу пацвярджаю: так, гэта насамрэч незвычайная, калі не ўнікальная кніга. Бо яна, гэта кніга, – плён высакароднага чалавечага энтузіязму і творчага натхнення, патрыятычнага пачуцця і грамадзянскай адказнасці, душэўных і фізічных намаганняў. Пісьменнік верыць у свой народ з яго векавым цярпеннем гвалту і несправядлівасці, верыць у карані, якія, як ён прызнаецца, “надаюць сілы, натхненне і аптымізм”


Алесь Марціновіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

– Сярод  сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія вялікую ўвагу надаюць выхаванню дзяцей, безумоўна, першае месца належыць Уладзіміру Ліпскаму.


Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі:

– Светлая, узнёслая, паэтычная, са шчымлівым болем, ачышчальнымі слязьмі аповесць Уладзіміра Ліпскага “Мама”. Яна – гаючыя лекі для душы. Я прачытала яе па радыё і гэта падарунак для ўсіх нас.