Вывучэнне творчасці Уладзіміра Ліпскага ў школе PDF Печать E-mail

Каму спатрэбяцца мае літаратурныя пакуты над чыстым аркушам?

Уладзімір Ліпскі

Словы выбірае чалавек, але часам і словы выбіраюць чалавека. Такая думка, пэўна, узнікае, калі чытаеш сапраўдныя, глыбокія творы. Тады здаецца, быццам словы падбіраюцца самі, удала спалучаюцца паміж сабой і будзяць творчае ўяўленне чытача. Нібы ідзеш па жытнёвым полі, дзе кожны каласок спявае сваю песню пад пяшчотным подыхам лёгкага ветрыку,дзе наталяешся водарам рамонкаў і лунаеш у ласкавых промнях сонца, якое так і хочацца назваць жыццём. Тады, напэўна, і ў жыццёвых промнях не прамінаеш сонца, калі яно грэе і будзіць да дабра…

“Якое гэта шчасце – навучыць сябе шчыра радавацца таму, што ты жывеш, дыхаеш, як важна адчуць, што ты патрэбен камусьці.

Жыццё – гэта дар. Жыццё – гэта свята!” – праз усю творчасць гучыць жыццясцвярджальная думка Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага, таленавітага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі,  чалавека, якога па праву можна лічыць сваім у шчырай краіне Дзяцінства, Сям’і, Радзімы.

Нарысы, апавяданні, казкі, аповесці, малітвы, дзённікі – багатая і разнастайная спадчына, створаная Уладзімірам Сцяпанавічам, дапамагае ўмацоўваць сямейныя адносіны, берагчы непаўторныя ўспаміны юнацтва, абараняць душэўны спакой дзяцей.

А ствараць такія пранікнёныя творы, напэўна, дапамагае па-дзіцячы   даверлівая душа, клопат пра будучыню і гарачае сэрца.

“Даслужыўся да званняў: муж, бацька, дзед…

Супакоіцца б, а мне хочацца: пагуляць з унукамі ў хованкі, скакаць з моладдзю на вечарынках, пакатацца на хмарках, пералічыць зоркі на небе, пераплыць Нарач,перачытаць кнігі продкаў, напісаць свае пра знакамітых людзей Беларусі, парадніць “Вясёлку” з усімі пачаткоўцамі, дачакацца праўнукаў, дапамагчы ім увайсці ў свет…” – чытаем шчырыя разважанні  аўтара і працягваем знаёміцца з яго светаадчуваннем.

“За мной рана зачыніліся дзверы Дзяцінства. І я нібыта усё жыццё шукаю, уваходжу ў іх. Не магу нацешыцца светам Дзяцей.

У дзверы Дзяцінства мяне ўводзілі: мая святая Мама, мае шоўкаўцы, класікі дзіцячай літаратуры Янка Маўр, Васіль Вітка, самі Дзеці.

Я і сёння жыву ў краіне Дзяцінства і пакутна-шчаслівы ад гэтага.

Я і сёння з асалодаю гуляю з унучкай Машай у дочкі-мамы, у караблікі, у магазін, у школу…

Маша ад’язджала ад нас дамоў, я прапаную:

- Маша, вазьмі сабе мае цацкі, якія хочаш…

Унучка думае адзін міг і кажа:

- Дзядуля, я цябе хачу ўзяць з сабой!

І я мячыкам падскокваю пад столь.

Дзякуй, Маша, ты прызнала мяне сваім У краіне дзяцінства!”

Якія ж важныя, карысныя для дзяцей справы могуць падарыць дарослыя гаспадарам  краіны Дзяцінства? Можна доўга пералічваць грамадска-карысныя справы дзейнасці Уладзіміра Ліпскага, праўда сам ён па душэўнай сціпласці, расказвае толькі пра поспехі сваіх выхаванцаў. Уладзімір Ліпскі- аўтар шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых, старшыня Дзіцячага фонду Беларусі, больш за 30 гадоў – галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. Толькі за апошнія два гады пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ліпскага “Вясёлка” з поспехам арганізавала цудоўныя святы –спаборніцтвы для дзяцей “ Міс Вясёлка” і “Чэмпіён Вясёлкі”. Дзяўчынкi і хлопчыкі чыталi выбраныя творы з часопiса, паказалi сябе  спартыўнымі i артыстычнымi.  Падобныя мерапрыемствы развіваюць творчыя здольнасці вучняў, садзейнічаюць гарманічнаму развіццю асобы,  заклiкаюць з любоўю вывучаць родную мову.

Уладзімір Сцяпанавіч –сябар дзяцей, жаданы госць   у кожным куточку Беларусі, заўсёды стаіць на варце абароны дзяцінства.

Высокае псіхалагічнае майстэрства ў творчасці Уладзіміра Ліпскага, уменне не толькі адчуць галоўныя праявы чалавечага характару, але і перадаць кожны душэўны рух, жэст, паварот думкі – цудоўная, урадлівая глеба для выхавання лепшых якасцей асобы дзяцей. З самага маленства, як руплівы хлебароб, укінуўшы ў зямлю залатое зерне дабрыні і павагі, гадуем мы маладыя парасткі, няшчадна вырываючы пустазелле зайздрасці, ляноты, нахабства. І як хочацца хутчэй дакрануцца да спелага калосся,   пацешыцца добрым ураджаем.

“ Што змяніліся за сто гадоў?  Нічога!

Сонца, як і раней, прачынаецца на ўсходзе.

Нарадзіўшыся, чалавек нанава адкрывае свет і сябе” – быццам рытарычнае пытанне гучыць роздум пісьменніка і абуджае вечныя думкі пра будучыя пакаленні.

Між тым, творы Уладзіміра Сцяпанавіча, адрасаваныя розныму узросту, з поспехам могуць вывучацца на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, служыць цудоўным выхаваўчым і адукацыйным матэр’ялам для класных гадзін, ранішнікаў, сямейных святаў, бацькоўскіх сходаў, служыць цудоўнымі лекамі для душы, сэрца розума настаўнікаў, бацькоў і дзяцей.

Мастацкі змест і разнастайнасць твораў Уладзіміра Ліпскага даюць магчымасць праводзіць шырокія міжпрадметныя сувязі. Для выхавання ўсебакова развітай асобы на ўроку беларускай літаратуры недастаткова даць аналіз мастацкага твора, нават калі ён будзе грунтоўным і навуковым. Рыхтуючыся да ўрока, мэтазгодна зазірнуць у падручнікі па гісторыі і геаграфіі, сусветнай мастацкай культуры, пагартаць старонкі кніг з рэпрадукцыямі карцін таленавітых мастакоў, паслухаць неўміручыя музычныя творы. Знаёмства з літаратурным творам некаторыя чытачы параўнаюць з  захапляльнымі заняткамі ўласнай душы: складвання незвычайнай мазаікі, стварэння вобразнага малюнка. Ім любуешся, ён ззяе і пераліваецца сваімі фарбамі, нараджае нязнаныя пачуцці ў сэрцы таго, кто дакрануўся да яго душой. А новыя пачуцці пры аналізе літаратурнага твора дапаможа выклікаць сінтэз розных відаў мастацтва. Выхад за межы ўласнапрадметных фактаў, уключэнне твораў розных відаў мастацтва пры вывучэнні беларускай літаратуры пашырае далягляд вучняў, іх поле дзйнасці і кола захапленняў. А гэта важная умова развіцця літаратурнай зацікаўленасці вучняў, павышэнняіх культуры маўлення. Узбагаціць эстэтычнае пачуцце вучня дапаможа свет музыкі і выяўленчага мастацтва.

Вось як акрэсліў сваё бачанне карціны ўзаемадзеяння мастацтваў А. Швейцар: “ Мы дзелім мастацтвы па матэр’ялу, якім яны карыстаюцца пры мастацкім адлюстраванні свету. Музыкантам называем таго, хто выказваецца у гуках, жывапісцам таго, хто карыстаецца фарбамі, паэт гаворыць словамі. Але гэта чыста знешняе адрозненне.  На самой справе матэрыял, якім карыстаецца мастак, нешта другаснае. Ён не толькі жывапісец, ці толькі паэт, ці толькі музыкант, але ўсе яны разам узятыя. У яго душы жыве і жывапісец, і паэт, і музыкант. Яго творчасць заснавана на іх узаемадзеянні. У кожнай яго думцы ўдзельнічаюць разам усе яны. Адрозненне толькі у тым, што у аднаго пераважае адзін, у другога – другі з гэтых мастакоў і што кожны раз яны выбіраюць сабе тую мову, да якой найбольш маюць звычку”.

З гэтай нагоды прыгадаем, што Уладзіміру Ліпскаму прысуджана прэмія імя Альберта Швейцара.” У адпаведнасці з палажэннем прэмія надаецца асобам за іх бескарыслівую дзейнасць у духу чалавекалюбства і гуманнасці, як разумеў гэта вялікі філосаф, прапаведнік, дабрачыннік дваццатага стагоддзя, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Альберт Швейцар…”

“ На полі зямным:

Што пассеш, тое і пажнеш.

У полі душэўным:

Што ўкінеш, тое і маеш.

Хто працуе – не баіца голаду.

Што шчодра засявае душу,

Той сапраўдны багацей”, - з гэтым філасофскім выслоўем Уладзіміра Ліпскага цяжка не пагадзіцца. Таму, напэўна,  ніколі не спыняецца пошук тактоўных, ненавязлівых сродкаў  выхавання душы і сэрца дзяцей.

У прапануемым метадычным дапаможніку прадстаўлены разнастаыня формы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў па вывучэнні твораў Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага для вучняў малодшых, сэрэдніх і старэйшых класаў, прапанаваны некаторыя формы работы з сям’ёй. Вядома, кожны настаўнік па-свойму бачыць і плануе сваю дзейнасць. І, напэўна, уласнае адчуванне і педагагічны вопыт адшукаюць шэраг іншых, цікавых формаў работы. Галоўнае, на што хацелася б звярнуць увагу: мастацкія творы Уладзіміра Ліпскага падказваюць сапраўднаму педагогу- выхавацелю шляхі, сродкі, спосабы, метады рознабаковага развіцця дзіцяці. І спектр гэтых сродкаў велізарны. Таму дазвольце сабе разам з дзецьмі захапіцца цікавым, шматпланавым чытаннем і адкрыйце для сябе мудрыя творы Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. І няхай жыццёвы аптымізм аўтара дапаможа зразумець нават самым упэўненым скептыкам: “ Жыццё – гэта дар. Жыццё – гэта свята!”

 

Ірына Аляксандраўна Буторына,

настаўнік вышэйшай катэгорыі, супрацоўнік  Нацыянальнага інстытута педагогікі,

аўтар кнігі пра У. Ліпскага "Свой у краіне Дзяцінства"

 

Чытаць кнігу І. Буторынай пра Уладзіміра Ліпскага "Свой у краіне Дзяцінства"