Аўцюкі прэзентавалі каляндар на вечнасць PDF Печать E-mail

аўцюкі каляндарНе вам казаць: календары бываюць розныя — вялікія і малыя, тоўстыя і тонкія, чорна-белыя і каляровыя, насценныя і настольныя, з шэдэўрамі выяўленчага мастацтва, з краявідамі, з помнікамі архітэктуры, само сабой — з аголенымі дзяўчатамі...

А яшчэ яны, тыя ж календары, бываюць сумнымі і бываюць, як высвятляецца... смешнымі.

Напрыканцы мінулага года, перад канцом свету, акурат такі захацелася стварыць пісьменніку, галоўнаму рэдактару часопіса "Вясёлка" Уладзіміру Ліпскаму і мастаку, супрацоўніку газеты "СБ. Беларусь сегодня" Алегу Карповічу. Першы з іх на вуліцах Вялікіх і Малых Аўцюкоў назбіраў сем мяхоў анекдотаў, другі — не менш малюнкаў... Заставалася, знайсці трэцяга...

 


Продкі праўду казалі: хто пытае, той не блудзіць, хто шукае — знойдзе. Такім чынам ідэю незвычайнага выдання падтрымаў (у тым ліку матэрыяльна) паляшук і "па сумяшчальніцтве" генеральны дырэктар кампаніі "БелГАЗаўтасэрвіс" Міхаіл Супруновіч. А далей — болей... І гартайма!


Паслала аўцючка свайго аўцюка ў магазін купіць паўлітру алею. Вяртаецца той і дакладвае:

— Купіў, калінка, паўлітру, а на алей грошай не хапіла.

Жонка безнадзейна ўздыхае:

— Цябе, маё гора, п'яны бусел у жыццё прынёс.



Аўцюк выйшаў на веранду, зняў кашулю, майку, дыхае свежым паветрам.аўцюкі каляндар

— Што ты косці напаказ выстаўляеш? — засарамаціла жонка.

— А хай людзі бачаць, як ты мяне корміш.

— Дык знімі, каласок, і штаны. Хай бачаць, ці варта цябе карміць.




Леглі спаць. Бацька правярае, ці заснулі хлопцы.

— Ваня, падай вады.

— Сеня, падай вады

— Толя, падай вады.

— Міша, падай вады..

Бацька толькі павярнуўся да маці, і ў гэты міг Ваня падносіць кубак...

— Татка, ты прасіў?



— Дзеці, прыдумайце словы на літару "Б".

Пецька падняў руку.

— Я прыдумляць не буду. Мама сказала, каб я ў садку не мацюкаўся...




Прыбіваюць два аўцюкі карціну ў канторы. Цвік тоўсты, доўгі, але ў сцяну не лезе. Адзін кажа:

— Ідзі, паглядзі, мо на тым баку сейф стаіць.

Пайшоў "разведчык", вяртаецца і дакладвае:

— Ціха! Дырэктар спіць. Яго патыліца якраз у тым месцы, куды мы цвік гонім.




Вазіў аўцюк адзінокай бабе дровы. Тая пачаставала яго добра.

Раніцай аўцюк завітаў да яе пахмяліцца.

— От, калінка, галава мая баліць, разрываецца.

— Зара, каласок...

Баба пакешкалася ў шафе, падае суседу таблеткі.

— Во, каласок, выпі цытрамону...

Прыйшоў аўцюк на калгасны двор, кажа брыгадзіру:

— На і табе, каласок, пахмяліся...




— Па Аўцюках ідзе п'яны мужчына. Ногі заплятаюцца, выпісваюць васьмёрку. Малы аўцючок убачыў, як цяжка дзядзька ідзе, і кажа маме:

— Мне шкада дзядзю.

— Чаму?

— Вялікі, а хадзіць не навучыўся...


І вось так — старонка за старонкай, у зручным фармаце, на добрай паперы, у колеры — дасціпны анекдот, цікавы, смешны малюнак. А побач з імі — невялічкае месца для... споведзі. Хочаш, напрыклад, як той казаў, "падбіць бабкі", падсумаваць уражанні ад пражытага дня — калі ласка! Для гэтага нават часу траціць не трэба. Адпачываў, адлежваўся, адлыньваў, ачухваўся, апахмяляўся, — пішы тады літару А; ездзіў, енчыў, еў — Е, мазгаваў, майстраваў, маляваў, малярыў, мацюкаўся, мілаваў, мысліў — М... Слоўцаў такіх — на ўвесь алфавіт. І ўсё дзеля чаго? Дзеля таго, каб, потым, на фінішы года, пагартаўшы старонкі календара, паглядзець, на што патрачаны дні, чым часцей за ўсё займаўся.
І, магчыма, зрабіць высновы.

Але сам каляндар нават пасля гэтага не паднімецца рука выкінуць. Бо, па-першае, да яго, як да добрай кніжкі, можна будзе вяртацца і праз год, і праз дзесяць. А па-другое, налета ж таксама будзе 1, 2, 3, 4, 5 (і гэтак далей) студзеня, лютага, сакавіка... І іх, тыя дні і месяцы, таксама трэба будзе пражыць. Дык чаму б не з добрай усмешкай, чаму б не з... хваробай, якая аднаго каласка прывяла да доктара.

З парога папрасіў:

— Палячы!

— А што баліць?

— Жывот.

— Ад чаго баліць?

— Ад смеху!


...От і кажуць у Аўцюках: "Не кожны хворы, хто стогне".

А яшчэ кажуць, што лепш жартаваць, чым гараваць.

Што мы, беларусы, рабілі, робім і — дасць Бог — будзем рабіць! Свет захаваўся таму, што смяяўся.

 



Валянціна Доўнар

газета "ЗВЯЗДА"

13 лютага 2013 года
№ 28 (27393)

Студзень / Январь

Люты / Февраль

Сакавік / Март

Красавік / Апрель

Май / Май

Чэрвень / Июнь

Ліпень / Июль

Жнівень / Август

Верасень / Сентябрь

Красавік / Октябрь

Лістапад / Ноябрь

Снежань / Декабрь