Вялікі беларус |
Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, –
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе. Максім Танк
Наглядзеўся за сваё жыццё крыжоў, замшэлых і свежых. А гэтыя два, чорныя і велічныя, на Мядзельшчыне, запомню на ўсе дні жыцця. У падмурку крыжоў кароткі надпіс: “Максім ТАНК Любоў СКУРКО 1912-1995”. Разам убачылі свет, у адзін год пакінулі яго. Я ведаў гэтых сямейнікаў, заўжды зайздросціў іхняй любові адзін да аднаго, іхняй чалавечнасці, мудрасці, сціпласці… Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт, акадэмік, Герой сацыялістычнай працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, ганаровы грамадзянін Мінска… Як мы ўсе збяднелі без яго! Ганьба таму, хто гэтага не адчувае. Гора таму, хто гэтага не разумее. Сорам таму, хто гэтага не ведае… З мармуровай пліты перад крыжамі я скінуў засохлыя, прыліплыя, счарнелыя, пракаветныя цурбалкі ад кветак. Паклаў замест іх белыя ружы. А мая ўнучка Маша – палявыя краскі. Ёй, дашкольніцы, прачытаў словы Паэта, высечаныя на метале: Непакой за цябе, зямля мая, За твой ураджай, спакойны сон, За дрэва кожнае ў гаях, За весніх песень перазвон, Непакой за цябе, зямля мая, Мой хлеб надзённы… Зразумей, Маша, гэты верш. Запомні, унучка, імя вялікага Беларуса – Максіма Танка!
Уладзімір Ліпскі 30.07.2000 г. (нядзеля) З кнігі "Жыві сёння" Мая гутарка з Максімам Танкам "Бай, лірнік, бай!" пра беларускую дзіцячую літаратуру - у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" за 26.06.2012г.
|