Рыцар дзяцінства PDF Печать E-mail

Прадмова да кнігі А. Ліханава "Трывожныя аповесці", 2013 г., выд. "Мастацкая літаратура".

альберт лихановУ рускага пісьменніка Альберта Ліханава шмат прэстыжных тытулаў: слынны празаік і публіцыст, акадэмік, лаўрэат, старшыня Расійскага дзіцячага фонду і Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. А найгалоўнейшае яго званне і прызванне – верны сябар Дзяцей, абаронца іх правоў, надзейны заступнік тых малалетак, хто трапляе ў бяду, каго крыўдзіць лёс.

У гэтых стасунках мы з ім роднасныя браты. Вось ужо чвэрць стагоддзя, дваццаць пяць гадоў, ён у Маскве, а я ў Мінску, узначальваем Дзіцячыя фонды, грамадскія дабрачынныя арганізацыі, якія можна смела назваць таварыствамі добрых сэрцаў.

У нас шмат агульнага з Альбертам Анатольевічам. Мы – дзеці вайны. Мы былі журналістамі, сталі пісьменнікамі. І ўсё свядомае жыццё служым Дзецям. Наш дэвіз: ні дня без добрых спраў!

Альберт Ліханаў бываў у Беларусі, дачыркнуўся сэрцам да дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі. Мы нават правялі ў Мінску сумесны пленум, на якім абмеркавалі гэту праблему. З дапамогай А.Ліханава тысячы беларускіх дзяцей пабывалі ў многіх краінах Еўропы, паправілі там сваё здароўе.

У майго духоўнага сябра ёсць, можа, самая галоўная чалавечая рыса – дапамагаць не агулам дзецям, а канкрэтным дзецям, пакрыўджаным лёсам. Аднойчы я давёў яму пра жыццёвую трагедыю Сашы Гушчы з Мінска. Яна маленькай трапіла ў пажарышча. Здавалася б, бяда непапраўная, а дзяўчынка невылечная. Але з гэтым не хацелася мірыцца. Беларускі дзіцячы фонд і фонд Ліханава ў Маскве садзейнічалі таму, што за жыццё Сашы Гушчы пачалі змагацца лепшыя медыкі нашых краін. Адбыліся аперацыі і ў ЗША. Усе разам адолелі страшную бяду, а найбольшую мужнасць праявіла сама Саша Гушча. Ёй Альберт Ліханаў уручыў ордэн Пакланенне за № 1. Тады ж прыняў нас і сям’ю Гушчаў у сваёй рэзідэнцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Пра А.Ліханава, як грамадскага дзеяча, прызнанага ва ўсім свеце дабрачынніка, я мог бы расказваць шмат, бо жывем аднымі клопатамі пра нашых юных спадчыннікаў. Але мне хочацца сказаць колькі слоў пра яго, як пісьменніка. Уся творчасць гэтага майстра слова пранікнута клопатамі пра дзяцей. Яго кнігі гэта – падручнікі жыцця, дапаможнікі бацькам і настаўнікам па педагогіцы, а самім дзецям – майстар-класы, як трэба разумець жыццё. Я і сам часта бяру з паліцы шасцітомнік майго рускага сябра з сардэчным аўтографам і зачытваюся яго аповесцямі – “Родительская суббота”, “Русские мальчики”, “Мужская школа”, “Кикимора”, “Последние холода”, “Обман”, “Голгофа”, “Благие намерения”, “Никто”…

І вось перад вамі, сябры, дзве невялікія аповесці Альберта Ліханава. Невялікія, але якія хвалюючыя. Яны вывядуць вас, веру, у акіян пачуццяў, роздуму, трывог. І вам захочацца сваім сэрцам наблізіцца да тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць недалёка ад вас, але абдзелены лёсам, маюць статус сірот, інвалідаў, хворых. Зрабіце крок да іх, хай дабрыня агорне вашу душу і хай не стане ў вас і дня без добрых спраў. Вось тады вы адчуеце сілу мастацкага слова Альберта Ліханава, зразумееце яго няўрымслівае жыццё, прысвечанае Дзецям. І дойдзе да вас, што рабіць нешта карыснае на зямлі для Дзяцей гэта святая, Божая справа.

 

Уладзімір Ліпскі,

галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду,

віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў