Мы – славяне |
Даўным-даўно, далёка-далёка ад нашай эры жылі на вялікіх прасторах славянскія плямёны. Яны займалі землі і цяперашняй Беларусі. Славяне былі качэўнікамі. Да вандровак прымушала іх само жыццё. Трэба было ўпаляваць звера, знайсці рэчку ці возера, дзе вадзілася рыба, адшукаць сярод дрымучых лясоў паляну, на якой раслі зерне, лекавыя травы. Славяне былі ваяўнічым племем. Умелі абараняць сябе, смела адстойвалі свае землі. Іх пабойваліся суседзі. Апроч таго, што іх ведалі, як мужных і адважных людзей, іх было вельмі шмат. Калі пачалі рассяляцца на аседлае жыццё, то славяне занялі амаль ўсю Еўропу і частку Азіі. Мяркуйце самі, у групу славянскіх народаў уваходзяць цяперашнія беларусы, рускія, украінцы, палякі, чэхі, славакі, балгары, македонцы, сербы, харваты, чарнагорцы, славенцы, серба-лужычане . Дзе яны жывуць? А кожны народ у сваёй краіне. Дзе яны размешчаны? А вазьміце карту ці глобус і ўважліва разгледзьце іх. Вывучаць геаграфію Зямлі – вельмі цікавы, займальны і карысны занятак. З часоў Кіеўскай Русі асабліва моцна сябруюць братнія народы – беларусы, рускія, украінцы. Цяпер яны маюць свае самастойныя, незалежныя краіны-суседзі. Самой гісторыяй, самім лёсам наканавана ім жыць побач, сябраваць і берагчы сваё адметнае багацце: родную мову, фальклорную спадчыну, самабытную культуру сваіх продкаў-славян. Усіх славян аб’ядноўвала адна мова – славянская. У глыбокай старажытнасці яна называлася праславянская, а азбука – кірыліцай. Яна створана ў дзевятым стагоддзі нашай эры на аснове глаголіцы і грэчаска-візантыйскага пісьма, мела 43 літары. Пазней кожны славянскі народ выпрацоўваў сваю пісьменнасць, свой алфавіт. У сучаснай беларускай мове засталося 32 літары. У ёй ёсць адметныя знакі: “ў” кароткае, апостраф, спалучэнні “дз” і “дж”, сваё “і” і “ё”. Мова беларускай народнасці пачала складвацца пасля прыняцця хрысціянства на Русі. Сведкамі таму даўнейшыя граматы на берасцянай кары, старажытныя надпісы на камянях, крыжах, летапісы гарадоў. Невядомы аўтар пакінуў нам у спадчыну літаратурны помнік “Жыціе Ефрасіні Полацкай”. Яна, дачка Полацкага князя, прысвяціла сябе служэнню Богу і людзям. Жыла ў манастыры. Перапісвала святыя кніжкі для простых людзей. Царква ўпісала яе ў лік святых. Вось з якіх людзей пачынаецца партрэт нашых беларусаў, іх характар, іх шырокая і добрая душа. Вяршыняй тагачаснай культуры сталі кнігі Старога запавету, выдадзеныя сынам Полацкай зямлі Францыскам Скарынам. На старабеларускай мове складзены і Статут Вялікага княства літоўскага – вечны помнік даўніны. Як бачыце, сябры, ў зямлі нашай беларускай, на якой мы жывем, вельмі багатая гісторыя. Давайце не стомімся вывучаць яе. І тады сярод вас знойдуцца (абавязкова знойдуцца!) унікальныя адкрывальнікі новых старонак нашай спадчыны, якія здзівяць увесь свет. Веру, сярод вас уздымуцца асобы, якія ўславяць нашу Беларусь сваёй працай, творчасцю, навуковымі адкрыццямі. Давайце ўсе разам і кожны паасобку навучымся ганарыцца тым, што мы беларусы, нашчадкі мудрых і мужных славян.
Уладзімір Ліпскі |