Была вайна... |
Вайна 1941—1945 гадоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі самая крывавая, самая стратная і балючая. А для нас, беларусаў, удвайне жорсткая. Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны паклаў сваё жыццё на алтар Перамогі. Сярод ахвяр таго ліхалецця не толькі нашы хлопцы-воіны, але і бязвіннае мірнае насельніцтва — старыя, нямоглыя людзі і дзеці.
Вось што тварылі карнікі ў нашым Рэчыцкім раёне. Спалілі вёскі: Аколіцу, Балашаўку, Баранаўку, Берагавую Слабаду, Борхаў, Будку-Шыбенку, Васількоў, Вішнёўку, Вузнаж, Гагалі, Горнаўку, Глушэц, Глыбаў, Горваль, Дзятлаўку, Дуброву, Елізаравічы, Залессе, Заходы, Камсамольск, Крапіўню, Крынкі, Ліскі, Мілаград...
Божа, ратуй мяне, не магу болей перапісваць вёскі-ахвяры вайны. А фашысты ж не проста нішчылі хаты, сялянскае дабро, рэліквіі гаспадароў. Нелюдзі знішчалі ўсіх, хто трапляўся ім пад руку. У Бушаўцы спалілі жывымі 80 вяскоўцаў. Аддалі агню і закатавалі 103 жыхары ў вёсцы Вышамір. У Духанаўцы расстралялі 44 чалавекі. У Крынках загубілі 165, у Маладушшы — 500 жыхароў... Давайце помніць кожную бязвінную ахвяру. Не стомімся вырошчваць кветкі і насіць іх да помнікаў, брацкіх магіл і абеліскаў. Яны ёсць практычна ў кожнай вёсцы, у кожным горадзе і мястэчку нашай пакутнай, акрываўленай вайной Беларусі. Не мінула ваеннае ліхалецце і нашу невялікую вёсачку Шоўкавічы. У чэрвені 1943 года наляцелі на яе карнікі і зыркімі свечкамі ўзняліся ў неба ўсе хаты. А была ж святочная нядзеля — Сёмуха. Кожная сям’я збіралася на сняданак. І раптам у вёску прыскакаў на кані партызанскі разведчык. Кажуць, гэта быў Мікалай Крышнёў з атрада № 108 імя Катоўскага. Ён галопам ляцеў па пыльнай вуліцы і бесперапынна крычаў: “Ратуйцеся!.. Вас ідуць паліць!..” І правай рукой паказваў у бок Парні, куды трэба было ўцякаць. Што зрабілі ў гэты трагічны момант мае мама Марыя і бацька Сцяпан? Мама ўхапіла ў посцілку мяне, малога, загадала ўсім астатнім дзецям трымацца яе падолу. Бацька зняў з покуці іконку, дастаў з печы чыгунок варанай бульбы. З гэтым багаццем і пабеглі ратавацца. Хто не паспеў уцячы, тых ворагі з халодным сэрцам парасстрэльвалі. Нявіннымі ахвярамі сталі дзед Сяргей Маркаў, 82 гады, Ганна Корзун, 73 гады, маці чатырох дзяцей, Марыя і Анастасія Старжынскія, шматдзетныя маці. Разам з хатай спалілі Козыр Аксінню, 64 гады, і яе дачку-інвалідку Ганну Козыр. Два нашых шоўкаўцы, бацька Васіль Мікіценка з сынам-падлеткам Пятром, пайшлі па справах у суседнюю вёску Чарнейкі. І там іх напаткала расправа. Чарнейкаўцаў, якія не паспелі схавацца ў лесе, карнікі схапілі, зачынілі ў пустой хаце, спалілі жывымі. Сярод гэтых пакутнікаў былі нашы шоўкаўцы, бацька і сын. А дваццаць шэсць шоўкаўскіх хлопцаў склалі свае галовы на франтах вайны і ў партызанах. Усяго — 37 загінуўшых. Такі рахунак выставіла вайна невялікай палескай вёсачцы. Я знарок засяродзіўся на сваёй малой радзіме, бо ў тых дакументах, з якімі будуць знаёміцца чытачы гэтай кнігі, некалькі разоў прыгадваюцца і нашы Шоўкавічы. Вакол жа вёскі — векавы дубняк, які ахоўваецца дзяржавай, як рэліквія, помнік прыроды. Каля нас, здаецца, самыя раскошныя бары, поўныя грыбоў і ягад, самыя прыгожыя бярозы, стромкія клёны і грабы. У альсах — беласнежнае мора чаромхі, а ў лазняках — самыя галасістыя салаўі. Вось гэтыя раскошныя краявіды і былі надзейным прыстанішчам для беларускіх партызан. Вакол Шоўкавіч “кватаравалі” партызанскія атрады “Бальшавік”, імя Варашылава, імя Шчорса, 99-я Калінкавіцкая брыгада. А найбольш запомніліся маім шоўкаўцам партызаны-катоўцы, яны былі аб’яднаны ў партызанскі атрад № 108 імя Катоўскага. Начальнікам атрада быў Мікалай Аляксандравіч Трусноў. Бацька аднойчы даверыўся і паказаў мне паперку з часоў вайны. На чвэртцы аркуша сінім алоўкам на ёй напісана чатыры радкі. Іх вывеў падчас вайны камісар катоўцаў Ф. Сполахаў. Паспешным, але выразным почыркам ён напісаў: “Даведка дадзена Ліпскаму С.І. з в. Шоўкавічы ў тым, што карову, якая ёсць у яго, партызаны не маюць права забіраць”. Выведаў у старэйшых сясцёр Клавы і Любы, што тую карову з белай лысінкай выдалі нашай сям’і партызаны па загаду свайго начальніка Мікалая Аляксандравіча Труснова. Мне тады вельмі хацелася маліцца на таго дабрадзея: “Дзякуй, дзядзька Трусноў, за падарунак. Тая карова стала выратаваннем шасцярых дзяцей, у тым ліку і мяне, самага малога”. Як мне хацелася калі-небудзь сустрэць таго добрага і мужнага дзядзьку Труснова, які ваяваў у лясах каля нашых Шоўкавіч, які з сваім атрадам наводзіў страх на нямецка-паліцэйскія гарнізоны, узрываў варожыя эшалоны з боепрыпасамі і жывой сілай. На вялікі жаль, нашы жыццёвыя дарогі разыйшліся. Калі я прыехаў у Мінск вучыцца, Мікалай Аляксандравіч Трусноў у тым жа годзе пакінуў Мінск, дзе заканчваў гадзічныя курсы дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў. Пазней я адшукаў яго сына Генадзя. І ён даверыў мне пачытаць бацькавы дзённікі, загады, данясенні камандзіра партызанскага атрада № 108 імя Катоўскага М.А. Труснова. Цяпер гэтыя унікальныя дакументы сабраны ўсе разам і прапануюцца чытачам дадзенай кнігі ў арыгінале, без правак і без каментарыяў. Мне здаецца, дасціпны чытач з глыбокай цікавасцю ўпусціць у сваю душу радкі, напісаныя ў трывожныя дні ліхалецця, прыхапкам, на пяньку, у курані, у час кароткага адпачынку. Многае можна прачытаць і паміж радкамі. З кароткіх паведамленняў вымалёўваюцца новыя старонкі вядомай і невядомай вайны. З дзённікаў М.А. Труснова мы даведваемя пра першыя дні вайны, як паводзілі сябе салдаты і афіцэры, апынуўшыся ў акружэнні. Амаль безаружныя, яны не маглі ўступаць у бой, але не былі трусамі, здраднікамі. “Трое сутак прабіраліся ўдвух. Ішлі ноччу, а ўдзень адпачывалі...” Гэта піша рускі чалавек Мікалай Трусноў, кадравы афіцэр, які па волі лёсу трапіў у першыя дні вайны ў Беларусь. Ішлі трое сутак ноччу. Ішлі па незнаёмай зямлі. Маглі сустрэць і ворага, і палахліўца, і здрадніка. Але ішлі і верылі, што спаткаюць “сваіх” — змагароў і аднадумцаў, верных Радзіме і прысязе. Так і адбылося. Праз доўгія дні вайны, асвоіўшы новую тактыку барацьбы з ворагам, на акупаванай ім зямлі, Трусноў Мікалай Аляксандравіч заявіўся ў нашых, шоўкаўскіх лясах ужо загартаваным, вопытным партызанскім камандзірам. На яго асабістым рахунку і на рахунку яго сяброў-паплечнікаў былі і ўзарваныя на самаробных мінах фашысцкія эшалоны, і знішчаныя нямецкія камісары і іх мясцовыя слугачы. Я помню і ведаю нашы лясы, і цяпер, калі пішу гэтыя радкі ў цёплай і светлай мінскай кватэры, мурашкі бегаюць па спіне. Божа мой, як жа начавалі партызаны ў куранях, калі трэба было клапаціцца не толькі пра баявыя аперацыі, а як пракарміцца, што адзець, дзе раздабыць коней, павозкі. Бацька мой працаваў сувязным у катоўцаў. Мала пра гэта расказваў і пасля вайны. Пра ўсё я даведаўся некалі ў ваенных архівах ды тое-сёе выведаў у сваіх старэйшых братоў і сясцёр. Пятро: — Аднойчы ноччу стукаюць у нашы вокны. А хто ж ведае хто там. Мы перапалохаліся, зараз перастраляюць усіх. Бацька пайшоў на вуліцу — няма і няма. А ён з камісарам Васільевым вёў перамовы. Потым давай збіраць хлеб у людзей. Тры падводы перадаў у лес... Клава: — Ноччу раз дзве жанчыны прывялі параненага салдата. Бацька яму сваю пасцель уступіў. З намі, дзецьмі, не вельмі сакрэтнічаў... Люба: — Бацька саабшчыў у партызанскі атрад, што ў воласці склалі спіс маладых на вываз у Германію. Толькі з Шоўкавіч — дваццаць тры чалавекі. З нашай сям’і траіх — Клаву, Пецю і мяне. Што ж ты думаеш, партызаны разбілі воласць. Дык ні мы, ні восаўцы, ні вузнажцы ў тую Германію іхнюю і не трапілі. І слава Богу... Коля: — Перад вайной наш бацька брыгадзірыў. Па ўзросту ў армію не ўзялі, стары. Дык ён быў сувязным у катоўцаў. Зрабіў на Чэчатавай грыве стог сена. Да яго можна было падысці з Капішч. А ў сярэдзіне стога зрабіў як бы курэнь. Туды дастаўляў для партызан хлеб, бульбу, маці мыла ім анучы, адзенне. І я туды вазіў прадукты, запіскі. Было мне ўсяго адзінаццаць гадоў. Бацька загадваў маўчаць пра хованку... Багата пра што маўчалі людзі. Цяпер вось загаварылі жывыя дакументы вайны. Учытваюся ў іх кожнае слова і, здаецца, плёнка часу адматвае даўнейшыя дні ліхалецця. Хачу ўсё ведаць, хачу пра многае дазнацца. Мне цікава, што атрад імя Катоўскага створаны ў нашых лясах 31 сакавіка 1943 г. Ішла вясна. Наступала летняя трагедыя, калі спалілі нашу вёску. Набліжалася вызваленне. Яго рыхтавалі лясныя героі — 153 партызаны-катоўцы. У іх было шэсць ручных кулямётаў, чатыры аўтаматы, ва ўсіх — ружжы. А ўжо праз месяц атрад павялічыўся на 26 чалавек. У іх з’явіліся аўтаматы, мінамёт, вялікая колькасць патронаў. Відаць, “пазычылі” ў фашыстаў. За гэты час на чыгунцы Жлобін—Гомель пусцілі пад адхон дзесяць варожых эшалонаў, у якіх было 70 вагонаў з тэхнікай, харчамі, будматэрыяламі. Спалілі чатыры масты, знішчылі пяць воласцей... Учытваўся ў загады, данясенні і з хваляваннем чакаў, калі ж камандзір прыгадае мае Шоўкавічы, хацелася ведаць, як жыла вёска ў вайну. Вось сустрэў у дакументах прозвішча Сполахава, палітрука ўзвода, які падпісаў майму бацьку распіску, каб не чапалі нашу карову. У загадзе ўказаны толькі ініцыялы “Ф.В.”. Як жа звалі нашага выратавальніка, адкуль ён? Маўчыць ваенная паперка пра невядомага мне палітрука Сполахава Ф.В. А хіба можна спакойна чытаць такія радкі? “За марадзёртва, біццё і абман бязвіннага мірнага насельніцтва суд Рэўтрыбунала атрада прыгаварыў байца першай роты Печкурова Е.Ф. да 10 гадоў турэмнага заключэння з адбыццём тэрміну пакарання пасля заканчэння вайны”. А пакуль што, малодшы лейтэнант Печкуроў пайшоў у бой. Ці вярнуўся з яго? Які яго далейшы лёс?.. На шоўкаўскіх могілках, помню, ёсць магілка з чырвонай зоркай на драўляным абеліску. Багата каго распытваў, хто там пахаваны, які герой. Мясцовыя ветэраны паціскалі плячыма. Партызан-катовец Васіль Маеўскі, які цяпер жыве ў Мінску, сказаў, што там, відаць, пахаваны іх баец Карпушын. І вось адкрыццё. З данясення 3 кастрычніка 1943 года камандзіру Гомельскага злучэння генерал-маёру Кожару камандзір партызанскага атрада імя Катоўскага Мікалай Аляксандравіч Трусноў даводзіць: “Партызан, камандзір узвода Карпушын П.Н., 1909 года нараджэння, беспартыйны, паранены здраднікам Дзедушкіным 26.8.43 г., памёр 3.10.43 г. у 5.30 раніцы. Пахаванне праведзена на могілках в. Шоўкавічы”. Як жа цябе звалі, герой? Дзе жыве твая радня? Як бы я хацеў паказаць ім сваю лясную вёсачку, нашы прыгожыя баравіны і дубнякі, якія вартуюць спакой вашага бацькі, дзядулі Карпухіна П.Н. Другі раз нашы Шоўкавічы прыгадваюцца ў данясенні ад 28.10.43 г., напісанае ў 11.00: “Атрад № 108 імя Катоўскага знаходзіцца ў сваім старым лагеры, у раёне Шоўкавіч. У вёсках Баравікі, Селішчы, Шоўкавічы, Задзірэеўка, Вузнаж цяпер непрыяцеля няма. Ва ўказаных пунктах трымаем разведку. Лагер наш цэлы. Мельніца таксама. Над аэрадромам праляталі самалёты. Паведаміце, калі прымаць самалёты і сігналы прыёма. Сёння ноччу будзем дзяжурыць. Вышліце ракет і ракетніцу...” Дык вунь якія партызаны-катоўцы! Мелі не толькі лагер каля нашых Шоўкавіч, а і млын, аэрадром. Яны абаранялі нас, усю нашу зямлю і мяне, малога. Я захоўваю ў сваіх архівах даведку, дадзеную майму бацьку Ліпскаму Сцяпану Іванавічу камандзірам партызанскага атрада № 108 імя Катоўскага Мікалаем Аляксандравічам Трусновым. Упэўненым почыркам напісана: “Дадзена ў тым, што т. Ліпскі Сцяпан Іванавіч, ураджэнец в. Шоўкавічы Вузнажскага сельсавета Васілевіцкага раёна Палескай вобласці, працаваў сувязным нашага атрада. Выяўляў тайных агентаў нямецкай разведкі і паведамляў у атрад. Збіраў хлеб, бульбу для партызан. Зберагаў ад немцаў і паліцэйскіх рабочую жывёлу, кароў, маёмасць, людзей. Арганізоўваў працу на палетках, дапамагаў чырвонаармейскім і партызанскім сем’ям у жыцці і апрацоўцы зямлі”. Божа мой, я трымаю гэту ваенную паперку, як твой ордэн, Бацька. Думаю, як назваць яго: ордэн сумлення ці ордэн даверу? А можа, надаць яму годнасць ордэна бацькі? І гэтым усё будзе сказана: мужчына сапраўдны — бацька ў сям’і і верны слуга сваёй Бацькаўшчыны. Такім быў бацькам і Мікалай Аляксандравіч Трусноў, валявы камандзір і дабрэйшай душы чалавек. Пачаў шукаць у архівах справу М.А. Труснова. Знайшлася анкета па ўліку кадраў, запоўненая 7 жніўня 1948 года, праз тры гады пасля заканчэння вайны. Пра што даведаўся? Нарадзіўся Трусноў у кастрычніку 1912 года. Яго радзіма — вёска Казлова ў Яраслаўскай вобласці, рускі, адукацыя — незакончаная вышэйшая. Да вайны паспрабаваў сябе ў розных прафесіях: калгаснік, памочнік механіка, рахункавод, забойшчык шахты, старшыня калгаса. У арміі — курсант, камандзір аддзялення ўзвода. Панюхаў пораху на фінскім фронце. Айчынную вайну сустрэў на Мінскім накірунку. Дывізія генерал-маёра Маўрычава трапіла ў акружэнне, прабіцца праз фронт у раёне Рагачова не ўдалося. Застаўшыся ў тыле ворага з пяццю байцамі, Трусноў пачаў партызаніць. Прайшоў шлях ад камандзіра дыверсійнай групы да камандзіра буйнога партызанскага атрада. У архівах захоўваюцца дзве атэстацыі Труснова М.А. — на ўзнагароджанне яго ордэнам Чырвонай Зоркі і прысваенне яму вайсковага звання капітана. Ацэнка яго чалавечых якасцей супала з маімі ўяўленнямі пра героя вайны: “Тав. Трусноў энергічны, смелы, рашучы і таленавіты баявы камандзір. Добра ведае ваенную справу. Двойчы паранены. Карыстаецца вялікай павагай усіх байцоў атрада. Ідэалагічна вытрыманы. Маральна ўстойлівы”. Пад гэтай характарыстыкай подпісы вядомых людзей, прозвішчы якіх занесены ў гісторыю вайны, у Беларускую энцыклапедыю: Ілля Кожар — генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза, камандзір Гомельскага партызанскага злучэння; Пётр Калінін — начальнік Беларускага штаба партызанскага руху. На анкеце М.А. Труснова прыклеена фотакартка. На мяне строга пазірае чалавек у кіцелі, чыста паголены, амаль лысы. Вочы пранізваюць наскрозь, губы сцятыя. Мікалай Аляксандравіч як бы экзаменуе мяне: “Ці варты бацькі? Ці ацаніў яго подзвіг ваенны, працоўны? Як жывеш, сын сувязнога?” Я быццам бяру пад казырок перад камандзірам, дакладваю яму: — Жыву сумленна, Мікалай Аляксандравіч. Дзякуй, што ратавалі ў вайну мяне, дзіцёнка. Схіляю перад вамі сваю ўжо заснежаную галаву і паведамляю, што ўсё свядомае жыццё служу Дзецям і Беларусі. Сярод маіх пяцідзесяці кніжак адна з самых дарагіх — “Бацька. Пісьмы на неба”. Там пра майго дарагога бацьку, пра Вашага сувязнога Сцяпана Ліпскага, і пра Вас, незабыўны Мікалай Аляксандравіч. Вы ў маім сэрцы назаўжды!
Уладзімір Ліпскі, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Беларусі |