Наміткі ад Віткі |
Сваімі жыццём і творчасцю Васіль Вітка саткаў вялізны сувой кужэльнага палатна. З яго можна нарабіць мноства намітак і ахінуць імі ўсё самае дарагое, што выпеставаў Цімох Васільевіч за свае 85 зямных гадоў. Які ж Віткаў скарб просіцца ў абдымкі з яго наміткамі? Слова — трапяткое і вобразнае. Мама з яе беларускай калыханкай. Дзеці — Божыя пасланнікі на Зямлі. “Вясёлка” — школка для малалеткаў. Вася Вясёлкін — пястун дзеда Васіля. Сябры, верныя ў хмарныя і сонечныя дні. Кнігі — выхавальніцы душы. Беларусь, якую Паэт любіў да слёз.
Я назваў Васіля Вітку паэтам.
А ён жа яшчэ — казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, старык і гумарыст, энцыклапедыст, рэдактар, педагог. У характары гэтага творцы высвечваюцца такія чалавечыя рысы, якія ўласцівы толькі Беларусу. Гэтыя якасці, як жывыя промні, бачацца мне ў асобе Васіля Віткі: прыродная мудрасць, непадкупная сціпласць, цяльцёвая нястомнасць, вясёлкавая іскрыстасць, вясновая душэўнасць, таленавітая трывучасць, зайздросная вернасць. Усё гэта зноў жа, як ікону, можна ўпрыгожыць наміткамі Віткі. І ўсё гэта цяпер — наша спадчына. Я шчаслівы, што аднойчы асмеліўся і занёс самому Васілю Вітку свае першыя дзіцячыя апавяданні. Ён папрасіў прачытаць іх услых. Слухаў ён, галоўны рэдактар “Вясёлкі”, і яго паплечнікі — Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі. Я, помню, узмакрэў ад таго чытання і папрасіўся зайсці да іх іншым разам, калі некалькі разоў перапішу свае творы. Цімох Васільевіч падараваў мне сціплую ўсмешку: — Правільна вырашылі, Валодзя... Тыя апавяданні пра Рыгоркавы прыгоды былі надрукаваны ў “Вясёлцы” на дзвюх старонках. Я ж і не мог прадбачыць тады, што некалі, ажно на трыццаць гадоў, стану галоўным вясёлкаўскім рэдактарам. А Цімох Васільевіч, мне здаецца, гэта адчуваў. Аднойчы, калі я браў у яго інтэрв’ю, ён папрасіў мяне запісаць прозвішчы пісьменнікаў, якім ён давярае лёс беларускай дзіцячай літаратуры. Сярод іх Цімох Васільевіч назваў і мяне. Я паспрабаваў далікатна, але настойліва, не запісваць сваё прозвішча, ды ён быў непадкупны. — Валодзя, запішыце ўсё тое, што я вам сказаў. У гэты міг яго добры, мілы твар быў крыху насуплены, строгі, як у бацькі з папружкай: “Рабі, што загадаў!” Шмат-шмат чаго выношвае мая душа пра Васіля Вітку. Пасеянае — зарунее, закалосіць і дасць умалотны ўраджай. У гэта веру! І жыву ў буднях і святах з адчуваннем, што Вітка і цяпер, з нябёсаў, імпануе мне ў творчасці, у рэдактарстве, у любові да роднага Слова і мілай Беларусі.
Уладзімір ЛІПСКІ |