Зямны лёс Анатоля Сыса |
У вёсцы Гарошкаў нарадзіўся і жыў паэт ад Бога – Анатоль Сыс. Тут, непадалёк ад старажытнага гарадзішча, стаіць хата, у якой жылі яго бацькі, у якой адбылося яго сталенне, у якой спаткаў ён чароўную пані Паэзію. Мне вельмі хацелася пабываць у яго хаце. Хацелася паведаміць яму маё адкрыццё. Аказваецца, прозвішча яго паходзіць ад імя Сісой, што ў яўрйскай мове азначае – шосты. Царква ўшаноўвае прападобных Сісояў 19 ліпеня, 10 верасня, 11 кастрычніка, 6 лістапада. Кастрычнік якраз і ёсць імянінны месяц нашага земляка-самародка Анатоля Ціхановіча Сыса. Аднойчы я пакіраваў у яго вёску. Ехалі праз Заспу, Жмураўку, Броннае. У Гарошкаве ўбачыўся на вуліцы дзвюх дзяўчынак, спатаў: – Дзе хата Анатоля Сыса? – Не ведаем… Суцешыў сябе толькі тым, што ў Толі вулічная клічка Цішка. Можа, тыя дзяўчынкі ведалі яго толькі па мянушцы? Хата паэта сустрэла мяне замком на брамцы, зашторанымі вокнамі. У роздуме стаялі маўклівыя вартаўнікі – клён і ліпа. І мы з шафёрам зачаравана пазіралі на сядзібу паэта. Прыгадаліся яго радкі: Ажываю, калі сосны каля Рэчыцы спяваюць, быццам маёй маці кросны чаўнаком прашылі памяць. Вершы Анатоля Сыса востра “прашываюць памяць” усіх, хто ўпускае іх у сваю душу. У адным з сваіх вершаў ён звяртаецца да ўсіх нас, нераўнадушных: Чалавек, які падтрымлівае агмень, чалавек, які беражэ каханне, чалавек, які моліцца хлебу, прыйдзі да мяне… Проста пасядзі са мной, мне будзе дастаткова тваёй маўклівай прысутнасці, і калі ты пакінеш мой дом – ты не пакінеш мяне. З Анатолем Сысом мы сустракаліся ў Мінску. Найчасцей у Саюзе пісьменнікаў – на сходзе, пленумах, з’ездах. І я шчыра дзіваваўся якім жа ён быў перад усімі незалежны, адчайны і гуллівы. Аднойчы сядзім побач на нейкай пісьменніцкай нарадзе, ён раптам падае мне мянтолавую жвачку: – Пакуль, Уладзімір, мы, Чарнобыльцы, павінны заўсёды прыемна пахнуць… Я быў ашаломлены яго ўвагай, клопатам пра рэчычам-чарнобыльцаў. А пазней прачытаў яго сардэчную скруху пра чарнобыльскую трагедыю ў вершы “Чорны быль”: Шчымелі крылы ў палескіх птушак, балелі рукі ў тутэйшых баб, і чорным цветам расцвіталі грушы, атрутным сокам наліваўся сад… У паэзіі майго земляка Анатоля Сыса шмат горкай праўды, веліч яго любві да роднай зямлі, да маці, якая нарадзіла Паэта. На маміны трывогу і папярэджанне ён адказваў: Мама, такога народзіць не каожная, мама, не перажывай! А калі ў Рэчыцы праходзіў мой творчы вечар і была прэзентацыя маёй кнігі “Малітва сына”, я да свайго здзіўлення ўбачыў у зале Анатоля Сыса. Ён прыехаў з Гарошкава, каб сказаць добрыя словы пра мяне, каб падзякаваць за маю малітву Маме. Сказаў, як бы ўсцешыў: “Нашы вясковыя маткі, Уладзімір, вельмі падобныя адна на адну. Яны – святыя!..” На маім рабочым стале даўно-даўно ляжыць зборнік выбраных твораў Анатоля Сыса “Лён”. Не магу паставіць яго на кніжную паліцу. Ён павінен быць пад рукой. У ім як бы знаходжу адказы, падказкі паэта на мае трывогі і роздумныя перажыванні. Сёння, калі мне даверылі на цэлы дзень унука Толіка, выпадкова адгарнуў “Лён” на 201 старонцы і знайшоў падказку сабе, даросламу няню: Закалышы дзіця маімі вершамі, самымі апошнімі і самымі першымі, але самымі добрымі і самымі лепшымі, закалышы дзіця маімі вершамі.
Уладзімір Ліпскі
|