З кагорты натхнёных творцаў PDF Печать E-mail

Пра мастака Яўгена Аляксеевіча Ларчанку пісаць у мінулым часе вельмі балюча і нават крыўдна. Толькі-толькі, здаецца, пачаў уваходзіць на творчы Алімп, і на гэтым пад’ёме раптоўна прыпынілася сэрца...

Найчасцей здараецца, што мы пачынаем па-сапраўднаму ацэньваць творцу толькі тады, калі яго няма побач. Так атрымалася і з Яўгенам Ларчанкам. Калі быў побач, цешыліся яго мілай усмешкай, яго шчодрасцю, паважлівасцю і дабрынёй. Усё гэта навідавоку. А заглыбіцца ў яго патаемныя думы і клопаты, аб’ектыўна зірнуць на зробленае ім у мастацтве, сказаць яму патрэбнае слова падтрымкі, падбадзёрыць на ўзлёце, у творчых муках, – на ўсё гэта нам не заўсёды хапае часу. Вось і вырываюцца з нашай душы запозненыя словы прызнання, любові і выбачэння. Але ж  лепш пазней, чым ніколі.

Яўген Ларчанка нарадзіўся пасля вайны, у жніўні 1946 года, у сям’і служачых у Оршы. Калі яму быў годзік, загінуў на вытворчасці бацька Аляксей Пятровіч. Яму споўнілася тады ўсяго 37 гадоў. Выхоўвала Яўгена мама Ксенія Рыгораўна. І, відаць, перш за ўсё пеставала сынаву душу, удыхвала ў яе сваю ласку, красу і веліч прыроды, вучыла бачыць наўкол вясёлкавыя фарбы жыцця.

А што гэта так, пацвярджае залаты медаль Яўгена за сярэднюю школу  і паступленне ў сталічны тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ адна вельмі істотная рыса ў біяграфіі Яўгена Ларчанкі. Яго, выпускніка інстытута, адразу залічылі выкладчыкам гэтага інстытута. І ён больш года вучыў студэнтаў. Але, відаць, за гэты час зразумеў, што яго талент патрабуе канкрэтнай творчай працы.

Звыш дзесяці гадоў Яўген Ларчанка працаваў мастаком у вытворчых майстэрнях Мастацкага фонду БССР. У гэты час  ён праклаў дарогу (па сумяшчальнасці) на “Беларусьфільм”, у мастацка-пастановачную майстэрню мультыплікацыйных фільмаў. Тады гэты жанр кіно толькі пачынаў развівацца на Беларусі. Шукалі мастакоў-наватараў, якія б зразумелі і палюбілі маляванае кіно. Такім энтузіястам і стаў Яўген Ларчанка.

Мастак-эксперыментатар Яўген Ларчанка ў хуткім часе перайшоў на працу ў “Беларусьфільм” рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Ён здолеў стварыць мульцікі, якія  і цяпер складаюць залаты фонд студыі. Назавем  іх і парадуемся яшчэ раз за творчыя ўдачы нашага сябра. Гэта – дзве часткі “Несцеркі”, фільмы “Дудка-весялушка”, “Куды прапаў Месяц?”, “Дзед і жораў”, “Касец-асілак”.

Яўген Аляксеевіч распрацоўваў лялечнае кіно. Часам ішоў непратаптанай сцяжынкай. Нічога не браў на веру. Быў упарты і апантаны ў працы. Умеў даказаць сваю правату.

Дзеці і казкі для дзяцей захаплялі мастака Яўгена Ларчанку. Сцены мультыплікацыйнай студыі яму рабіліся цеснаватымі. Сваё майстэрства, умельства ён пачаў праяўляць у дзіцячых часопісах “Бярозка”, “Вясёлка”, у афармленні дзіцячых кніг. Так зусім натуральна ён прыйшоў на працу ў самы папулярны часопіс для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў – “Вясёлку”.

У новым творчым калектыве Яўген Ларчанка пачаў працаваць мастацкім рэдактарам. На гэтай пасадзе ён верна і плённа адслужыў дваццаць тры гады. Прыгожа ўпісаўся ў творчую сям’ю вясёлкаўцаў, рабіў усё, каб часопіс для маленькіх чытачоў быў самы прыгожы, самы прывабны, дасціпны і мудры. Яўген здолеў згрупаваць вакол “Вясёлкі” лепшых мастакоў рэспублікі. І сам з году ў год уздымаўся на творчы Алімп.

Казак сам Яўген не пісаў. Ён любіў іх чытаць, бачыў тэкст паміж радкамі. А галоўнае – умеў ажыўляць казачных герояў. Надаваў ім такія знешнія абрысы, падбіраў такія фарбы ў адзенне, што, часам, аўтар тэксту ахаў ад мастакоўскага адкрыцця.

Вось ён, Яўген Ларчанка, стварае вобразы герояў да казкі Уладзіміра Ліпскага “Якія сябры жывуць у двары”. Вядома, што ў дзеда і бабы ёсць Гаўкала, Мяўкала, Кукарэкала. Пазней у казцы з’яўляецца  Ціўкала, Кудахтала і Каркала. Героі, як кажуць, вядомыя, пазнавальныя. Але ж тут і пачынаюцца асноўныя цяжкасці для мастака. Ён павінен, проста абавязаны стварыць непаўторных герояў, зусім непадобных на сваіх родзічаў у іншых творах, у іншых аўтараў. І Яўген Аляксеевіч бліскуча спраўляецца з няпростай задачай. Кудахтала-мама ў яго атрымалася заклапочанай, устрывожанай за сваіх Ціўкалаў. Убор у яе просты – каралі ды хустачка на шыі, няма калі выштукоўвацца, трэба гадаваць дзяцей, каб былі надзюбаныя і некранутыя зласліўцам. Мяўкала, як заўсёды – з вялікімі, здзіўленымі вачыма. На ім – белая маніста на грудзях. Лапкі пульхныя, але з іх вытыркаюцца доўгія кіпцюры. Мяўкала гатовы абараняць сваіх сяброў...

Малюнкі Яўгена Ларчанкі ўзбагацілі 276 нумароў дзіцячага часопіса. Ён аформіў чатыры кнігі-падручнікі выбраных твораў “Вясёлкі”. Ён уклаў душу ў адну з цудоўнейшых кніг для юных чытачоў “Нам засталася спадчына”. Ён аформіў дзесяткі кніг для дзяцей самых  розных пісьменнікаў Беларусі. А яго педагагічная праца з юнымі мастакамі часопіса, яго выступленні перад дзецьмі ў школах і бібліятэках, думаецца, прынясуць свой плён, дапамогуць  многім аматарам стаць сапраўднымі мастакамі.

Вельмі высокіх узнагарод у мастака Яўгена Ларчанкі не было. Былі ўрадавыя граматы, дыпломы ўдзельніка прэстыжных выставак. Ён,  член творчага аб’яднання “Верасень”, заўсёды з вялікім хваляваннем рыхтаваўся да асабістых выставак. Сёлета ў снежні яго выстаўку ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі будуць ладзіць сябры-вераснёўцы. Пры жыцці Яўген Ларчанка арганізоўваў выстаўкі “Вясёлкі” ў школах. Сціпла дадаваў туды і свае адну-дзве карціны. Ён быў творцам не зайздросным, умеў радавацца поспеху і ўзнагародам сваіх калег-сяброў. Гэта цудоўная якасць Яўгена Ларчанкі.

А вось адной сваёй узнагародай ён вельмі даражыў – медалём Васіля Віткі. Ён заўсёды цаніў сваю працу ў часопісе, які стварыў класік дзіцячай літаратуры Васіль Вітка ганарыўся, што тут працавалі некалі Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў, Артур Вольскі. Цяпер у гэту слынную кагорту вясёлкаўцаў можна смела ўпісаць і мастака Яўгена Ларчанку.

Наш агульны сябар быў членам двух творчых саюзаў – кінематаграфістаў і мастакоў. У кожнай творчай суполцы ён – асоба прыкметная, са сваімі почыркамі, са сваім здабыткам. А самае высокае яго званне – сын сваёй Бацькаўшчыны, улюбёны ў яе прыроду, спадчыну, культуру. Сваё жыццё прысвяціў услаўленню мілай Беларусі і вернаму служэнню яе нашчадкам – Дзецям, Божым пасланнікам на зямлі.

 

Уладзімір ЛІПСКІ, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.