Кветкі пісьменніку PDF Печать E-mail

Не выжываю. а жыву(гісторыя аднаго здымка)

Выдатны фотамайстар “Звязды” Яўген Пясецкі аднойчы “падлавіў” мяне ў той момант, калі я ўручаў дзяўчынцы-дашкольніцы часопіс “Вясёлка”. Было гэта ў вёсцы Іёды Шаркаўшчынскага раёна. Мы ішлі Дарогай Святыняў з агнём ад Гроба Гасподня па Віцебшчыне. У Іёдах, помню, была ўрачыстасць у мясцовай царкве. Усе жадаючыя не трапілі туды. І мы, некаторыя члены творчай экспедыцыі, бавілі час на  плошчы.

Ішоў дробны дожджык. Я ўбачыў на вуліцы прыгожую дзяўчыну ў белым світэры, штоніках і гумавых боціках. Яна пазірала на мноства людзей, якія з’ехаліся ў іх вёску, і, відаць, хацела зразумець, што тут адбываецца. Мне закарцела падыйсці да гэтай “сяляначкі”. Я ўзяў яе пад свой парасон, падараваў незнаёмай дзяўчынцы свежы нумар “Вясёлкі”. А ў гэты час Яўген Пясецкі не драмаў. Яго фота пазней з’явілася ў “Звяздзе” і на вокладцы кнігі  “Не выжываю, а жыву!..”, кнігі Маргарыты Яфімавай пра мяне і маю літаратурную творчасць.

Нядаўна сярод шматлікай чытацкай пошты я знайшоў два пісьмы з вёскі Іёды. Адно напісала мясцовы бібліятэкар Галіна Яблонская. Яна паведаміла, што ў іх чытальнай зале адбылася літаратурная гадзіна пад назвай “Кветкі пісьменніку”. На ёй адбылася прэзентацыя кнігі “Не выжываю, а жыву!..” “Я вельмі ўдзячна вам, Уладзімір Сцяпанавіч, – піша Галіна Яблонская, – што ў нашай бібліятэцы ёсць вашы кнігі з аўтографамі. Кніга “Мама. Малітва сына” зачытана “да дыр”. Яна для мяне асабіста, як малітоўнік. Уся ваша творчасць мне блізкая і дарагая, бо я сама вельмі люблю дзяцей. А кніга М. Яфімавай пра вас – сапраўдны дапаможнік для педагогаў і бібліятэкараў...”

Другое пісьмо з вёскі Іёды было ад Марыны Алексяёнак, з якой нас увекавечваў сваім фотамігам Яўген Пясецкі. Яна ўжо ходзіць у школу і піша: “Я вельмі рада, што ўбачыла сябе з Вамі на вокладцы кніжкі. Мне мама таксама купіць гэтую кніжку. Як падрасту, буду чытаць яе. А цяпер я люблю чытаць “Вясёлку”, люблю спяваць. Я выступаю на сцэне. Мяне сфатаграфавалі ў бібліятэцы з кніжкай і кветкамі. Я назбірала іх сама для Вас...”

Вось такая ігсторыя. Яна, думаю, будзе мець працяг. Хочацца верыць, што Марынка Алексяёнак з вёскі Іёды знойдзе сваю дарогу ў жыцці.

 

Уладзімір ЛІПСКІ