Галоўнае багацце дзяржавы PDF Печать E-mail

владимир липскийІнтэрв'ю

Уладзімір ЛІПСКІ: “Задача сумленных дарослых – перадаць у спадчыну дзецям усё лепшае, стагоддзямі назапашанае нашымі прашчурамі...”

Па выніках Нацыянальнага конкурсу сродкаў масавай інфармацыі “Залатая ліцера”, што ўпершыню праводзіўся ў гэтым годзе, у намінацыі “Лепшы дзіцяча-юнацкі часопіс” пераможцам прызнаны часопіс “Вясёлка”.

Пра тое, чым жыве сёння адзін са старэйшых дзіцячых часопісаў Беларусі, а таксама пра ролю друкаванага слова ў справе выхавання юнага пакалення мы размаўляем з галоўным рэдактарам “Вясёлкі”, старшынёй праўлення Беларускага дзіцячага фонду, пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім.

Ліпскі У.С.– Уладзімір Сцяпанавіч, калі ласка, акрэсліце першапачатковыя задачы, якія ставіць перад сабой рэдакцыя.

– Першая наша задача – далучыць дзяцей да роднай мовы. Другая: навучыць любіць – да слёз – зямлю, на якой яны жывуць. Трэцяя – навучыць паважаць людзей, якія вядуць іх за руку па жыцці. Гэтыя задачы пастаянныя пры ўсіх вятрах, пры ўсіх пераменах ў грамадстве. Яны сфармуляваныя класікамі беларускай літаратуры, якія стваралі і шмат гадоў запар падтрымлівалі святло “Вясёлкі”.  Як бы парадаваліся Янка Маўр, Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Артур Вольскі, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў, ведаючы, што мы па-сур’ёзнаму працягваем і развіваем традыцыі часопіса!

– Тыраж “Вясёлкі” на сённяшні дзень – пятнаццаць тысяч асобнікаў. Гэта вялікая лічба не толькі для дзіцячага выдання... Падзяліцеся сакрэтам, як сабраць такі тыраж?

–  У 1991 годзе мы перажылі страшэнны перыяд, калі “Вясёлка” не выходзіла. Нас рынак пабіў аднымі з першых – і, разам з тым, загартаваў. Я тады паставіў сабе задачу старацца так наладзіць работу, каб нішто ўжо не зламала “Вясёлку”. І вось ужо другі год у нас самаакупнасць. Мы самастойныя, не бяром падтрымкі ў дзяржавы, хоць ёсць у спісе на датацыю. Своечасова аўтары атрымліваюць ганарары, супрацоўнікі – аванс, зарплату, дапамогу падчас адпачынку. Гэта вельмі важна.

А сакрэты простыя: трэба разумець рэаліі часу. Рэдакцыя павінна сама дбаць пра сябе. Мінула пара, калі рэдакцыйныя работнікі займаліся толькі творчасцю. Цяпер самі ствараем, прапагандуем, клапоцімся пра падпіску. Не сядзім склаўшы рукі. У “вясёлкаўцаў” праца не ў кабінеце за сталом. Наша задача – максімальна многа быць сярод чытачоў. Я, напрыклад, выступіў перад чытачамі сто дваццаць разоў за мінулы год. Так і Мікола Маляўка, і Мікола Чарняўскі, і Алесь Камароўскі – усе мы. У нас ёсць падшэфныя бібліятэкі, садкі – гэта не толькі ў Мінску, мы ездзім па ўсёй рэспубліцы. Шчыльна працуем з аддзеламі адукацыі... Вось, напрыклад, у Мінску раней мала выпісвалі “Вясёлку”. З просьбай дапамагчы мы звярнуліся да старшыні Камітэта па адукацыі Міхаіла Сяргеевіча Ціцянкова. І ён адгукнуўся на нашу просьбу, дапамог наладзіць сустрэчу з кіраўнікамі аддзелаў адукацыі ўсіх дзевяці раёнаў Мінска. Быў абвешчаны конкурс на лепшага падпісчыка, падрыхтавана выстава малюнкаў ад “Вясёлкі” для той школы, якая пераможа, бібліятэчка кніг. Ад Камітэта па адукацыі ў падарунак быў вылучаны камп’ютэрны клас. Пасля быў выдадзены загад па лініі Камітэта – праводзіць у школах сталіцы ўрокі “Вясёлкі” – накшталт урокаў пазакласнага чытаня. І мы цяпер адчуваем, што ў Мінску выпісваюць нашу “Вясёлку”...

–  Даводзілася чуць крытычныя меркаванні, што абавязваюць школы падпісвацца на “Вясёлку”. Вы не робіце сакрэту з таго, што Ваш часопіс – у “разнарадцы” абавязковых для падпіскі навучальнымі ўстановамі?

–  Што значыць “абавязваюць”, “не раблю сакрэту”?.. Мне прыемна, што абавязваюць! “Вясёлка” – годны часопіс для таго, каб яе рэкамендаваць, выпісваць... Вы паглядзіце, колькі ў нас робіцца для маленькіх чытачоў! Ёсць, напрыклад,  рубрыка “Наша спадчына”. Уяўляеце, якая гэта няпростая задача – расказаць самым маленькім, напрыклад, пра Ефрасінню Полацкую? А мы знаходзім аўтараў, якія могуць гэта зрабіць...

Сёлетнія нумары мы пачынаем з віншавання чытачоў вядомымі людзьмі. Ігар Лучанок, Марыя Захарэвіч, Пётр Клімук, Міхаіл Савіцкі, былі ўжо гасцямі нашай рубрыкі... І я лічу, што гэта выдатнае пачынанне. Можа, многія дзеці праз наш часопіс ўпершыню пачуюць пра славутых землякоў, зацікавяцца, у старэйшых распытаюць, хто яны. Гэта вельмі важна, бо сенняшні дзень “згубіў” героя. Вось адкрываю адзін камерцыйны дзіцячы часопіс. У рубрыцы  “Куміры” – спявачка-аднадзёнка, якая спявае “Ху-ху-е, я скучаю по тебе”... Ну, які кумір з такімі песнямі? Чытаю біяграфію. Што добрага зрабіла? Аказваецца, нават ВНУ завочна не скончыла – а яе ў куміры... У адной школе на просьбу назваць сучасных куміраў прагучала прозвішча Жырыноўскага... Таму і хочам мы ўзбудзіць цікавасць да сапраўдных герояў. Пісаць пра тых людзей, якія любілі і любяць Беларусь, шчыруюць дзеля яе славы.

У нас ёсць “Тэатр Васі Вясёлкіна”, дзе мы друкуем тэатральныя сцэнкі. Да датаў вялікіх рыхтуем нумары: апошнія з іх – 60-годдзе Вялікай Перамогі. З нумара ў нумар вандруе фальклорная рубрыка “Кацілася торба”... Выбіраем ўсё лепшае, што робяць беларускія кампазітары для дзяцей і ствараем спеўнік “Вясёлкі”, лепшых мастакоў далучаем да афармлення часопіса. Гэты год адметны ў “Вясёлцы” яшчэ адным унікальным праектам – на вокладцы мы даём выявы хлопчыка і дзяўчынкі ў строях розных рэгіёнаў Беларусі, выкананыя нашым мастаком, мастацкім рэдактарам часопіса Яўгенам Ларчанкам...

Наогул, часопіс на год прадумваецца так, каб яго матэрыялы маглі выкарыстаць настаўнікі як дапаможнік на ўроках. Знаёмім дзяцей з пісьменнікамі-юбілярамі, даём іх творы і кароткую біяграфічную даведку. І шмат, шмат чаго іншага, неабходнага і карыснага. Мы стараемся ісці ў нагу з настаўнікам і школай... Вымушаюць, абавязваюць альбо нагадваюць падпісвацца – тут можна розныя словы падабраць. Але, улічыўшы тое, што я сказаў, гэта правільна! Наш часопіс падказвае накірунак, у якім варта рухацца! Калі мы не выхаваем сёння маленькіх чытачоў, хіба яны будуць пасля чытаць “Бярозку”, “Маладосць”, ЛіМ”,”Полымя”, “Нёман”?.. Вось у чам справа! Мы – у падмурку вялікай дзяржаўнай палітыкі! Таму не грэх і падказваць, каб “Вясёлка” прыйшла ў кожную хату, у кожную кватэру, дзе ёсць дзеці.

Уладзімір Сцяпанавіч, доўгатэрміновае планаванне, арыентацыя на класікаў – не заміна для маладых літаратараў? Чаму маладых мала піша для дзяцей? Каб у “Вясёлкі” было больш магчымасцяў друкаваць маладых, можа, і пісала б іх больш?

–  Мне здаецца,пастаноўка пытання не зусім правільная. Мы не арыентуемся на класікаў. Мы арыентуемся на ўсё лепшае, што ёсць на сённяшні дзень для маленькіх. Скажыце, калі ласка, каго мы адмовіліся надрукаваць? Прынцып у нас такі – мы глядзім не на твар, а ў твор. Калі прынёс чалавек твор, варты “Вясёлкі” і нашых чытачоў, мы абавязкова яго надрукуем!

У нас і рубрыка ёсць “Упершыню ў “Вясёлцы”. Пагартайце часопіс уважліва! Мы адкрываем за год пяць-шэсць імёнаў і падтрымліваем іх! Гэта адна з нашых найгалоўнейшых задач – шукаць усё лепшае, прыцягваць да супрацоўніцтва і маладых, і старэйшых – усіх, хто можа пісаць! Колькі я, да прыкладу, пахадзіў за Віктарам Карамазавым, Анатолем Кудраўцом, Алесем Жуком, каб яны нешта для “Вясёлкі” напісалі! І, урэшце, нашы салідныя празаікі прынеслі ўнікальныя апавяданні для дзяцей.

А многія адмаўляюцца пісаць для дзяцей і адказваюць: “Я яшчэ не здзіцянеў”... Я лічу, што такія адказы – проста неразуменне дзіцячай літаратуры, яе ролі. Усе вялікія пісалі для дзяцей – згадаем А.С.Пушкіна, Л.Н.Талстога, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча... Гэта, можа, нават прыкмета вялікасці – здольнасць напісаць для дзяцей.

Калі прыходзіць пошта, мы ўсёй рэдакцыяй чытаем па чарзе дасланыя творы, пасля збіраемся разам і прымаем рашэнне, што друкуем... У партфелі рэдакцыйным пакідаем толькі ўсё лепшае.

З “Вясёлкі” сёння вырастае дзіцячая літаратура – для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Па сутнасці, усе падручнікі для пачатковых класаў робяць па “Вясёлцы”. І, разумеючы гэта, мы прад’яўляем сур’ёзныя патрабаванні да аўтараў. Творы для дзяцей абавязкова павінны несці нейкую маральную, выхаваўчую нагрузку... І новыя тэмы трэба падымаць, сучасныя, а не толькі пра тое пісаць, як прыехалі ўнукі да бабы з дзедам у вёску...

Я яшчэ раз падкрэсліваю – “Вясёлка” адкрытая для ўсіх, хто здольны ствараць для дзяцей!

А ці можна спадзявацца, што часцей стане выходзіць “Вясёлка” альбо стане таўсцейшай?..

Усё магчыма, калі фінансава трывала стаць на ногі. Але пакуль задумка ў мяне, як у рэдактара, іншая: вылучыць з “Вясёлкі” дашкольнікаў. Бо зараз мы працуем на дзве катэгорыі – дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Гэта складаная задача. Дашкольнікам яшчэ трэба  вывучаць азбуку і, увогуле, рабіць першыя крокі з імі. А сучасная пачатковая школа – сур’ёзны адукаваны народ! Вось нядаўна на адной з сустрэч мы атрымалі запіску: “Таварышы паэты, прачытайце вершы пра каханне. Дзяўчынкі 3 “А” класа”. І гэта – нашы чытачы!

У межах “Вясёлкі” мы падзяляем іх, для маленькіх даём укладыш “Каласавічок”. Але адчуваецца, што маглі б рэдакцыяй рабіць два рознаўзроставыя выданні. Ёсць матэрыялы, сур’ёзныя аутары, сабраныя вакол “Вясёлкі”...

Чаго, на Ваш погляд, бракуе сучасным перыядычным выданням для дзяцей?

–  Не толькі развесяліць, рассмяшыць трэба хлопчыкаў і дзяўчатак, а найперш – выхоўваць. Мы працуем з дзецьмі – матэр’ялам, які будзе заўтра кіраваць дзяржавай і будзе прымаць рашэнні, як жыць краіне... Прасцей за ўсё сёння даць дзецям забаўлянкі, прызы вылучыць: і завабіш публіку, і купляць часопіс будуць. Але ж, шаноўныя, гэта несумленны прыём, калі вы працуеце з дзецьмі! Калі вы прыйшлі на беларускі рынак, працуйце на нацыянальную ідэю!

Мне ў Аўцюках неяк расказалі жарт. Люляе бацька хлопчыка двух з паловай гадоў. Малы загадвае: “Качаць! Песні пець!” Бацька пажаданне выканаў, дзіця сцішылася. Бацька на дыбачках адыходзіць, а з люлькі: “Качаць! Халтура!”

Дык вось трэба так працаваць з дзецьмі, каб не было халтуры – гэта тычыцца і часопісаў, і бацькоў, і тых, хто робіць цацкі... Усё павінна быць зроблена сумленна і з густам. Большага багацця, чым дзеці, у нас няма. Ні калійныя ўгнаенні, ні золата, якое, кажуць, знайшлі ў нас, ні лес, ні рэкі, ні азёры – а дзеці. Яны ідуць з намі. Кожны дарослы павінен нешта рабіць для іх. І заўтра яны, увабраўшыся ў сілу, альбо аддзячаць нам, альбо будуць праклінаць. Пра гэта ўсе мы павінны думаць, бо кожны з нас, усе разам мы і складаем дзяржаву.

Уладзімір Сцяпанавіч, а як вы ставіцеся да прапаганды нацыянальнай ідэі на рускай мове? Калі піша газета, часопіс пра гісторыю, славутых людзей, культурныя каштоўнасці і г.д. на рускай мове?

Давайце будзем сумленнымі! Моваў дзяржаўных можа быць некалькі. А родная – адна! Калі мы гэтага не адчуваем, не працуем на яе, не падтрымліваем, якія ж мы?

Чаго жадаеце “Вясёлцы” і яе чытачам?

– Мы просім, каб “Вясёлка” ўвайшла ў кожны дом, дзе ёсць дзеці. А мы ўжо рэдакцыяй пастараемся зрабіць ўсё, каб яна зачапіла душу дзіця і працавала на развіццё духоўнасці. Гэта, я лічу, самае галоўнае – не напоўніць галаву камп’ютэрнымі ведамі, а развіць душу. На вялікі жаль, сёння мала робіцца ў гэтым напрамку. У сэрцах людзей накапілася многа злыбяды, адмоўных пачуццяў – і, я лічу, з гэтым напрамую звязаны многія беды, незвычайныя для чалавецтва   прыродныя   з’явы  і   катаклізмы. І задача сумленных дарослых – перадаць у спадчыну дзецям усё лепшае, назапашанае стагоддзямі нашымі прашчурамі.

Асобна вось што яшчэ хачу падкрэсліць. Мы павінны многа гаварыць з дзецьмі пра сям’ю, пра бацьку, пра маці. Хібы ты можаш зразумець іншых людзей, іншы народ, калі самых блізкіх людзей не навучышся разумець? Там, дзе моцная энергетыка сям’і, традыцый, радаводных каранёў – у Арменіі, Грузіі, блізкай нашай суседкі Эстоніі – няма бяды, на якую сёння хварэе Беларусь. Трыццаць пяць тысяч дзяцей у школах-інтэрнатах гадуем мы – гэта ў асноўным сіроты пры жывых бацьках!

Вось і хочацца навучыць, каб дзяцей любілі, паважалі сям’ю і бацькаўшчыну, каб не множыліся многія беды, і толькі што згаданая – таксама. Я вывеў формулу: “Я + Я = сям’я”, “Сям’я + сям’я = род” , “Род + род = народ”. А народ + народ = усе мы на Зямлі. Зразумець гэта трэба. Беларусь наша – светлая крынічка. І з яе трэба не толькі браць, але і ўзбагачаць, напаўняць душэўнай энергіяй. Для гэтага ж трэба многа рабіць і сем’ям, і дарослым, і дзецям.

Мы ў “Вясёлцы”, наколькі дадзена нам Богам свядомасці і сіл, таксама шчыруем у гэтым накірунку.

Гутарыла Алена Масла.